Афіцыйны сайт
8 красавіка 2021

Сумесны праект «Кніга ў маім жыцці» рэдакцыі газеты «Слонімскі веснік» і ДУК «Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа»

Кніга ў маім жыцці, як і ў большасці людзей, з’явілася ў раннім дзяцінстве. Тата і мама чыталі мне перад сном казкі. Мне гэта вельмі падабалася. Але я сама асаблівай любові да чытання не мела і было гэта да таго часу, пакуль мне ў рукі не трапіла аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». У якой пажылы чалавек распавядае пра сваю маладосць. У васьмідзесятыя гады дзевятнаццатага стагоддзя, малады навукоўца-этнограф, выпускнік Санкт-Пецярбургскага універсітэта Андрэй Беларэцкі, ездзіць па глыбінцы Беларусі, збірае народныя паданні, песні, легенды. У дарозе Андрэя наганяе бура і спалоханы конь прывозіць яго да вялізнага замка, які належаў знакамітаму шляхетнаму роду Яноўскіх. Валодае якім апошняя прадстаўніца роду Надзея Яноўская. Малады чалавек спыняецца ў замку і тут пачынаецца цэлы ланцужок жудасных і містычных падзей. Адарвацца ад гэтага твора я не магла і прачытала яго за адзін прысест. Так я палюбіла чытанне і ў маім жыцці з’явіліся Уладзімір Караткевіч, затым Васіль Быкаў, Віктар Карамазаў, Сяргей Грахоўскі, Леанід Дайнэка, Алесь Разанаў, Іван Пташнікаў і многія іншыя. Чытанне стала маім хобі, якое перарасло ў прафесію. Па родзе сваёй дзейнасці мне неабходна шмат чытаць. Я люблю чытаць творы беларускіх аўтараў. Зараз я чытаю «Адваротны бок люстра» Ксеніі Шталенковой, маладога беларускага аўтара. Гэтая кніга на мой густ, я люблю фантастыку і падарожжа ў часе. Кнігі іграюць велізарную ролю ў жыцці кожнага чалавека і я не выключэнне. Кнігі – гэта цэлая скарбніца ведаў, выдатных думак, добрых парадаў. Яны вядуць нас па таемных сцежках мінулага, на імклівым заркалёце імчаць у будучыню, вучаць адважна служыць Радзіме, любіць родную зямлю, сваіх бацькоў, вучаць працаваць і сябраваць. Яны ніколі не выйдуць з моды і не страцяць актуальнасць. Вельмі хочацца, каб так думалі ўсе. Тады, магчыма, мы ўсе змянілі б сябе ў лепшы бок, адпаведна свет стаў бы выдатней, а наша жыццё лепш і ярчэй. Усё ў нашых руках. А скончыць я хачу словамі Уладзіміра Караткевіча: «Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дзён, – многа або мала, але да канца». 
Наталля Мельнік, бібліятэкар філіяла “Гарадская бібліятэка №4” 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. 
Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки: https://www.slonves.by/sumesny-praekt-kniga-%d1%9e-maim-zhyczczi-redakczyi-gazety-slonimski-vesnik-i-duk-slonimskaya-rayonnaya-bibliyateka-imya-ya-kolasa/