Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Слонiмскi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

5 лютага 2021

Гісторыя жыхароў вёскі Лапухова

Перад мною дакументы чалавека з 1914 па 1939 год. Яны належаць жыхару вёскі Лапухова Міжэвіцкай гміны Слонімскага павета. Цяпер гэта Слонімскі раён, Міжэвіцкі сельсавет. Іх знайшоў мой калега і сябар, калі разбіраў старыя рэчы на лецішчы ў вёскі Заверш’е, каля Жыровіч. Яны вельмі мяне зацікавілі і з’явілася ідэя даведацца аб лёсе гэтага чалавека. Гэта дакументы пра аднаго чалавека. Праўда імёны і прозвішчы ў іх розныя. У даведцы ад 7 мая 1914 года гаворыцца, што “предъявитель сего есть писарь Крепостного отдела Офіцерской Артіллерійской школы Андронік Шпакъ» Яна была выдадзена ў крэпасці Ачакаў. У дакументах часоў другой Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.) ён называецца Анджеем Шпокам. А ў апошнім захаваўшымся дакуменце, калі ўсталявалася савецкая ўлада ён – Андрэй Шпок. Цікава глядзець і на мову папер. Зразумела, у царскія часы паперы напісаны на рускай мове. У “польскія часы” ўсе афіцыйныя паперы на польскай мове, а калі ўсталявалася савецкая ўлада зноў на рускай . Але лісты да дому А. Шпок піша з турмы на вельмі добрай рускай мове. Відаць, што яна яму вельмі добра знаёмая. Ёсць і паперы ад яго жонкі Станіславы – яны на польскай мове. Даведка прад’яўніка– гэта першы дакумент. А ўжо наступныя датуюцца 1927 годам. Прычым змест іх вельмі цікавы і яўна носіць палітычнае адценне. З іх мы можам даведацца, што наш герой жыў у 1927 г. у вёсцы Лапухова Слонімскага павета. Працаваў на зямлі разам з двума братамі. Што ў яго была жонка – Станіслава і двое сыноў – Вячаслаў і Яўген. Мелі добрую гаспадарку, але заможнымі не былі. І вось яго схапілі і пасадзілі ў слонімскую турму. Чаму? Зашто? Навошта? Вось што напісана ў наступным дакуменце, які быў накіраваны пану памочніку пракурора ў Гродна ад 25 ліпеня 1927 года ад Станіславы Шпак: “Мой муж, Анджей Шпак, сталы жыхар вёскі Лапухова Міжэвіцкай гміны Слонімскага павета, які будучы солтысам у названай вёсцы выконваў свае абавязкі і поўнасцю задавольваў сваёй працай уладу. У палітычным жыцці ўдзелу не прымаў, выконваў толькі свае абавязкі і энергічна працаваў над развіццём уласнай гаспадаркі. Аднак у ноч з 18 на 19 ліпеня гэтага года (1927) быў арыштаваны. Як я цяпер даведалася, то муж знаходзіцца ў слонімскай турме. Засталася па гаспадарцы адна – з двума малымі дзецьмі: аднаму 3 гады, а другому 6 гадоў. Акрамя гэтага скаржуся на здароўе, у той жа час набліжаецца пара жніва і другія працы ў полі, пры гэтым няма сродкаў на наём парабка. Гэта можа зруйнаваць маю гаспадарку і малых дзяцей.Таксама фактам з’яўляецца пацверджанні жыхароў вёскі, што мой муж не займаўся ніколі палітыкай. А знойдзены сцяг, падкінуты людзьмі, якія трымалі зло на мужа. Яны хацелі зняць яго з пасады. Таму шчыра прашу пана памочніка пракурора выдаць загад, каб майго мужа вызваліць, а калі гэта нельга зрабіць, то выдаць пад нагляд паліцыі ў Міжэвічах…” Аднак відаць па дакументах гэта прашэнне не было выканана, таму што Станіслава Шпак працягвае пісаць прашэнні аб тым, каб яе мужа вызвалілі. Засталася апошняя частка просьбы Станіславы Шпок аб вызваленні мужа з турмы ад 29 ліпеня 1927 г. З яе здаведаемся:“У “Пастанове” сялян вёскі Лапухова павета Слонімскага, выключна ствярджаецца, што мой муж, Анджей Шпок, у палітычным жыцці ніякага ўдзелу ніколі не браў, і абсалютна нявінны ў гэтай справе. Нягледзячы на невыкананую маю просьбу аб вызваленні мужа з-пад заключэння зноў шчыра прашу зрушыць тую справу і выдаць распараджэнне, аб вызваленні мужа пад нагляд паліцыі… У заканчэнні маю незламану надзею, што просьба мая будзе зразумела і выканана і мой муж – Анджей Шпок – з заключэння будзе вызвалены, так як пасаджаны толькі дзякуючы злобы пэўных асоб, якія помсцяць яму.” У верасні яна знову звяртаецца ва аддзел пакарання акружнога суда ў Гродне, дзе апісвае тое, што звярталася да помочніка пракурора і тое, што яе прашэнне было накіравана да следчага ў Слоніме, але мужа не вызвалілі. Да гэтага часу ўжо з’явіліся змены ў жыцці і самога Шпока. Гэта можна пабачыць на аснове знойдзеных дакументаў. Па-першае, сам Анджэй працягвае сядзець у турме. Па-другое, ён ужо не з’яўляецца солтысам вёскі Лапухова. “Кіраўніцтва Міжэвіцкай гміны наступным паццвярджае, што жыхар вёскі Лапухова Анджей Шпак як солтыс… быў зняты з пасады 19 ліпеня 1927 года ў сувязі з арыштам…” Гэты дакумент быў пададзены да судовых улад. І па-трэцяе, жонка з дзецьмі засталася адна падчас летніх цяжкіх прац. Як яны спраўляліся і жылі можна здагадацца з ліста самога Анджэя да жонкі Станіславы з турмы. Вось яго змест (арфаграфія захоўваецца): “Здравствуйте дорогая Тося, Женя, Вячик, Маня, братья, сестра и племянники. Пока жив и здоров, хотя здоровьем не похвастаюсь, т. к. сильно беспокоит катар желудка. Как твоё и детей здоровье, а также и всех родных. Страшно беспокоюсь о Вас и о доме вообще, как Вы там с вашими силами успеваете косить, сушить, жать, возить, ведь благодаря суши все вместе згорело, да и пахать надо и молотить тоже, а кому? Одно счастье, что благоприятствует погода и такая что лучше и желать нельзя. Дорогая Тася пиши подробно как реагирует Женя и Вячик на моё отсутствие дома. Скошен ли купленный сенокос и проулок общественный и сколько привезено возов сена. Как шла уборка ржи, пшеницы, льна, гороху, ячменя и сколько нажато покошено коп и возов. Как выглядят яровые посевы вообще и огородные овощи. Если хороший урожай огурцов, то постарайся засолить возможно больше. Дорогая Тася как же тяжело и больно, потерпи, потрудись на всех нас. Даст бог освобожусь, пожалею. Напиши как идёт дело с пчёлами и сколько было роев после моего ареста. Как выглядят лошади, коровы, тёлки, свиньи, гуси и куры? Как обогащается питомник и растут прививки? Не пускай детей, чтобы они не портили древцев. Дорогая Тася, моя единственная и самая великая. Просьба смотри детей, чтобы не были обижены и голодные. Вам что нужно проси братьев и сестру – пусть помогут нашему горе-беде. Бедная Тася чувствую как тяжело тебе со всем хозяйством одной справляться. Но что же я сделаю, что так несправедливо и беспощадно бьёт нас судьба. Плохо тебе, но не очень приятно и мне. То удовольствие, которое я переживаю здесь пусть падёт на голову того негодяя и целую родину до 9 поколения, чтобы они все ничего другого кроме красных флагов не видели и не знали. Какая подлость низость. Пусть бог будет ему судьёй. Тося следствие уже закончено. Проси пропуск на свидание и приходи в тюрьму от 10 – 13 часов по четвергам и воскресеньям и приноси хлеба, сахара и вообще что найдётся дома не обижая детей. Письмо, хлеб, молоко, сыр получил полностью. Почему подаёшь хлеб не твоей выпечки, разве у тебя нет муки, ты не печёшь хлеба? Женя и Вячик не скучайте, будьте хорошими мальчиками, слушайте маму, бабушку, помогайте работать. Когда приеду принесу хорошие гостинцы. Женя напиши как твоё хозяйство растёт – цыплятки, гуси, свиньи. Крепко жму и целую Вас. Ваш Шпок.” З гэтага ліста можна зразумець, што А. Шпак папаў у турму нібы за чырвоны сцяг, які знайшлі ў яго. І відаць хтосьці выдаў, што ў яго ён захоўваецца. Магчыма гэта не ўсё? Магчыма было і штосьці іншае, напрыклад крытыка ўлады. А можа ён быў членам КПЗБ? Аналіз дакументаў, што захоўваюцца ў папцы, адказу на гэтае пытанне не даюць. У пастанове акружнога суда ў Гродне ад 11 кастрычніка 1927 года гаворыцца: “ На аснове артыкула 576 крымінальнага кодэксу дадзена яму, Шпоку, права ўнясення ў суд прапановы ў 7-дзённы тэрмін выклікаць сведкаў за ўласны кошт.” Таксама відаць, што ў Міжэвіцкай гміне ліст атрымалі 13. 10 1927 г., а Станіслава атрымала яго 16 10 1927г. Магчыма адбыўся суд з запрашеннем новых сведкаў. Таму што ў лісце ад 6 снежня 1927 г. Анджэй піша: “Прежде всего позаимствуй у Чигрина Викула(имя неразборчиво) или брата Арсения сто (100) злотых и внеси задатак… и если богу угодно, то скоро увидемся. Жду с нетерпением, крепко жму и целую. Любящий Вас. Подпись” Відаць грошы былі знойдзены і пераведзены, таму што ў дакуменце ад 11 снежня 1927 г. чытаем, што: “Шпок Анджэй з вёскі Лапухова, які знаходзіўся пад следствам, быў вызвалены сёння ў 14 00 гадзін з папярэдняга арышту і адпраўлены да месца жыхарства.” Здавалася, усё, справа вырашана. А. Шпок невіноўны. Але чамусьці следства працягваецца – гэта відаць з іншых дакументах, што захаваліся. оНовая яго справа пачалася ў 1928 годзе і вядзецца пад нумарам 2АК 129/1928. У дакуменце ад 10 сакавіка 1928 года чытаем:” Апеляцыйны суд у Вільні на паседжанні Аддзела пакарання 10 сакавіка 1928 г. разгледзіў прадстаўленне Акружнога суда ў Гродне ад 27 лютага 1928 г. … у справе Анджея Шпока, асуджаным згодна артыкула 132 УК рашэннем Акружнога суда ў Гродне ад 25 студзеня 1928 года, пастанавіў: працягваць цяперашнюю справу згодна артыкула 878 крымінальнага кодэкса, прысутнасць асуджанага Анджэя Шпока прызнаць неабавязковым. Сведкаў не выклікаць.” І подпісы: Бохвіч, Бондскевіч і Грынявіцкі. А праз год (1929 г.) з новага дакумента мы можам даведацца, што “Апеляцыйный суд у Вільні паведамляе Станіславе Шпок, якая пражывае ў вёсцы Лапухова, што асуджаны Анджэй Шпок, за якога была паручана застава ў 100 злотых , павінен прыбыць 21 сакавіка 1929 года ў 9 гадзін раніцы ў акружны суд у Гродна. У выпадку невыканання даручэння альбо ўкрывання гэтага даручэння залог будзе канфіскаваны.”А перад гэтым ён атрымаў паведамленне аб тым, што ён мае прыехаць на суд са сваім адвакатам, а калі яго няма, то атрымаць дзяржаўнага бясплатнага абаронца. Гэты дакумент датуецца 3 сакавіка 1929 года. Больш не захавалася сярод знойдзеных дакументаў матэрыялаў, якія датычацца гэтай судовай справы. Магчыма яна была нарэшце скончана. Відаць, наступныя гады жыцця праходзілі для сям’і Шпокаў спакойна і ціха. Так я лічу таму, што наступны дакумент датуецца 24 сакавіка 1936 года. І гэта акт падзела гаспадарства. З яго вынікае, што на гаспадарцы ў 18 гектараў працавалі тры браты Шпокаў. І цяпер: “Мы, ніжэйпадпісаныя, уладары ўласнай гаспадаркі, якая знаходзіцца ў вёсцы Лапухова, гміны Міжэвічы: Анджэй Шпок, Арсеній Шпок і Ян Шпок да сённяшняга дня 24 сакавіка 1936 года ў прысутнасці солтыса вёскі Лапухова Гераніма Папко і сведкаў Міхала Грыцэвіча, які жыве ў вёсцы Лапухова і Міхала Бекуна (альбо Бегуна: не вельмі зразумела напісана), які жыве ў вёсцыЗубовічы ўстанавілі дабраахвотны падзел маёмасці, ворыўнай зямлі і жывёлы наступным чынам”… Далей у дакуменце пералічваецца каму і што адыходзіць. Анджэй Шпок, згодна з гэтым дакументам і ўсеагульным дазволам, атрымаў жылы дом, сені, каморы, гнядога каня, карову шэрую, вуллі і іншае. Прычым у дакуменце адзначалася, што гаспадарка мае доўг у 50 злотых,і было вырашана кожнаму з братоў выплаціць па 17 злотых -“у роўнай долі.” І самы апошні дакумент яўна звязаны з прыходам савецкай улады на тэрыторыю Заходняй Беларусі, хаця ён і не мае даты. Вось яго змест: (арфаграфія захоўваецца) “До гражданина Шпоки Андрея. Таварищ Шпока. Прошу Вас стриматься со своим лесом т. е. никому не продавать, потому что хотя лес ваш но мне сказано стрымать всякую продажу посторонним лицам. Только имеете право сами пользоваться дровами и т. п. Относительно продажи постарайтесь достать позволение от Слонимского управления или от волости Мижевичской. А если будете продавать без позволения то подвергнетесь наказанию. Председатель сельского комитета И. Якубеня.” Цікава тое, што сама запіска напісана на польскім бланку кантролю памола зярна серыі Е № 152890. Гэта гаворыць аб тым, што напісаны ён восенню 1939 года. Савецкіх бланкаў яшчэ няма і лясы, землі неканфіскаваны, але абмежаванні карыстання прыватнай уласнасцю ўжо існуюць. Цікава і звяртанне да Шпока. Спачатку грамадзянін, а потым таварыш. Апошнім словам называлі не ворагаў савецкай улады, а яе прыхільнікаў. Відаць, А. Шпок, як пакрыўджаны польскай уладай магчыма за антыпольскую дзейнасць, для савецкай улады такім з’яўляўся? Гэта апошні па храналогіі дакумент, які захаваўся. Такім чынам, я пераклаў і прааналізаваў дакументы старой папкі. Але іх аналіз паставіў перада мной шмат пытанняў. Пасля вывучэння дакументащ яшчэ больш захацелася даведацца аб далейшым лёсе гэтай сям’і. Для гэтага апублікаваў нарыс аб знойдзеных дакументах у газеце “Слонімскі веснік”, дзе папрасіў дапамогі тых, хто ведае пра сям’ю Шпокаў. Недачакаўшыся званкоў, сам накіраваўся ў вёску Лапухова. А перад гэтым мы прыехалі ў Міжэвіцкі сельсавет. Нам там вельмі дапамаглі. Далі адрасы родзічаў Андрэя Шпока, а таксама я змог пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі за 1940-ыя гады.(ранейшых дакументаў няма). З іх стала вядома, што сам Андрэй Шпок нарадзіўся ў 1883г., а памёр у 1956 годзе на 74 годзе жыцця. Прычым, згодна з архіўнымі дадзенымі Міжэвіцкага сельсавета, ён і члены яго сям’і запісаны як Шпакі, а не Шпокі. Пасля вайны ён жыў на хутары разам з жонкай Станіславай (нарадзілася ў 1888 г.), сынамі Вячаславам (нар. 1920 г.) і Яўгенам (нар. У 1921 г.) Яўген быў жанаты – у 1944 годзе ў яго нарадзілася дачка Таццяна. З дакументаў за 1948 год відаць, што сям’і належала 15,22 гектары зямлі, хатнія жывёлы. Таксама відаць сколькі жыта, аўса, грэчкі, лубіна і інш. павінны яны былі пастаўляць дзяржаве. У канцы 1940-х гадоў пачынаецца калектывізацыя. Відаць гаспадарка Шпокаў не была заможная. Працэс высялення кулакоў іх абмінуў. Яны ўступаюць у калгас і пераязджаюць у вёску таму, што савецкая ўлада хутары вынішчала і перасяляла сялян у вёскі. Сталі жыць паасобку. У тым ліку пераехаў жыць у вёску і сын Яўген. Там ён пабудаваў добры дом, які захаваўся. Зараз ён знаходзіцца на вуліцы Новая. А як склаўся лёс братоў Андрэя Шпока? Адзін яго брат – Ян – пасля вайны выехаў у Польшчу ў Вроцлаў. Ён меў 4 сыноў, але памёр даволі ў маладым узросце. Другі брат — Арсеній, які да ўсталявання савецкай улады, як і яго брат Андрэй, жыў на хутары, затым пераехаў жыць у вёску, дзе памёр і быў пахаваны на лапухоўскіх могілках. Аб гэтым мы даведаліся ад Шпока Мікалая Сцяпанавіча, які і цяпер пражывае ў вёсцы Лапухова на вуліцы Комарава. Сыны Андрэя Шпока з’яўляюцца яму дзядзькамі. Ён больш ведае пра Яўгена, таму што ён пасля вайны пражываў у Лапухова, а Вячаслаў пераехаў у Перавалокі. Стасункаў з ім не было. Яўген пад час вайны быў у партызанах. Калі вызвалілі Беларусь, то накіравалі на фронт. Там пад Кёнігзбергам быў паранены. Успамінаў, што калі іх параненых збіралі, то ўсе енчылі “нямымі” галасамі і везлі іх у шпіталь на простых дошках, нават саломы не пасцяліўшы. Пасля вайны працаваў на сваёй гаспадарцы, а потым, калі стварылі калгасы, то працаваў у калгасе. Тут ён і памёр і пахаваны на лапуховых могілках. А жонка пераехала ў Расію ў Смаленск, дзе таксама щжо памерла. Вячаслаў Андрэевіч Шпак працаваў, калі стварылі калгасы, у Перавалоках. Быў брыгадзірам. Потым пайшоў на пенсію. Пасля паехаў на вуліцу Новую. Там пражывае сям’я Цвікевіча Леаніда Пятровіча. Гэта далёкія родзічы сям’і Шпокаў. Яны нам мала што сказалі і прапанавалі звярнуцца да больш блізкіх сваякоў сям’і. А самыя блізкія родзічы сям’і Шпокаў — гэта дзве ўнучкі і праўнучка. Праўнучка пражывае ў Мурманску і калі-некалі прыязджае ў вёску Пасінічы да сваякоў мужа. Затым пабываў на могілках, дзе адшукаў пахаванні некаторых родзічаў Андрэя і Станіславы, у тым ліку і сына Яўгена. Прычым вельмі зацікавіла нас тое, што старыя могілкі ўяўляюць проста камяні, якія раней ставілі перад крыжам. Дзе-нідзе крыжы захаваліся, але хто там пахаваны не прачытаць. Таму знайсці магілу самога А. Шпока і яго жонкі нам не ўдалося. Помнікі каменныя з надпісамі там сталі рабіць з 1960-ых гадоў. Як даведаўся пазней з размовы з Нінай Вячаславаўнай дзесьці пад тымі камянямі спачываюць вечным сном Андрэй і Станіслава Шпокі. Яны памерлі тады, калі помнікаў у вёсцы не ставілі. Зразумела, што наша падарожжа ў вёску Лапухова было карысным, але я вырашыў далей шукаць тых, хто ведае пра нашых герояў. У гэтым нам дапамагла Нятэцкая Марыя Іванаўна, якая працуе ў Міжэвіцкім сельсавеце. Дзякуючы ёй ўдалося знайсці і ўсталяваць кантакты з дзвума ўнучкамі Андрэя і Станіслава Шпокаў. Яны з’яўляюцца самымі блізкімі іх жывымі сваякамі. Гэта Ніна Вячаславаўна і Марыя Яўгеньеўна. Ніна Вячаславаўна зараз пражывае ў вёсцы Вострава Слонімскага раёна. Выйшла замуж і пераехала да мужа. Яна расказала, што яе бацька Вячаслаў (сын Андрэя і Станіславы) падчас вайны быў у канцлагеры ў Германіі. Пасля вызвалення прыехаў на радзіму, ажаніўся і жыў у Перавалоках. Калі былі створаны калгасы працаваў там да пенсіі брыгадзірам будаўнічай брыгады. Пайшоў на пенсію і больш не рабіў. Памёр у 1991 годзе. У яго было чацвёра дзяцей, але ў жывых засталася толькі яна адна. Старэйшы брат Рыгор загінуў на караблі на рацэ Лене, дзе ён застаўся пасля службы ў войску. Другія браты – Валодзя і Віктар працавалі ў Мінску у 1-ым і 2-ім аўтамабільным парку. Памерлі рана. Усе гэтыя гісторыі былі цікавыя, аднак Ніна Вячаславаўна амаль нічога не магла нам распавесці пра Андрэя і Станіславу. Але мне пашанцавала таму, што ўдалося знайсці тэлефон Шпак Марыі Яўгеньеўны, якая пражавые ў Мінску. Я затэлефанаваў і яна была вельмі гэтым уражана і задаволена. Казала, што чытала нататку ў “Слонімскім весніку”. Абяцала нам дапамагчы і сапраўды гэта зрабіла. Вельмі шчыра ёй дзякую. Яна пераслала мне свой дамашні архіў. Гэтыя рарытэты Марыя Яўгеньеўна старанна захоўвала. А цяпер і я змог з імі пазнаёміцца. Вывучыўшы гэтыя дакументы, а таксама карыстаючыся дапамогай Марыі Яўгеньеўны можна зразумець, скласці, распавесці, а таксама адказаць на пытанні, якія паўсталі перада мной падчас вывучэння знойдзеных дакументаў. Цяпер я ведаю, што Андрэй нарадзіўся ў вёсцы Лапухова ў сялянскай сям’і. З 9 чэрвеня 1907 г. па 10 кастрычніка 1909 г. “служил на Екатериненской железной дороге и в течение этого времени занимал должность временного табельщика. Уволился для отбывания воинской повинности” А потым наступны дакумент пацвярджае, што гэта так. Гэта атэстат “писаря ивангородской крепостной артиллерии Андрей – Андроник Игнацьевич Шпока … поступивший на службу 1909 года ноября 30 дня на правах общих в испытательной комиссии при штабе Ивангородской крепости 23 октября 1912 года признан выдержавшим испытание на право удостоения его к назначению в военное время на классную должность» З атэстата відаць, што ўсе экзамены Андрэй здаў на выдатна (12 балаў) і толькі матэматыку на 11 – вельмі добра. Так Андрэй пачынае служыць пісарам. (Цяпер я разумею, чаму ліст дадому у 1927 годзе напісаны вельмі прыгожа і без памылак). Спачатку ён служыць пісарам старшага разрада высшага аклада з 3 снежня 1909 г. па 21 сакавіка 1913 года. Вось частка яго характарыстыкі за гэты час: “… отличался примерным поведением, превосходным знанием письмоводства и делопроизводства и с большим старанием и успехом исполнял каждое полученное ему дело. Был трезв, честен, вежлив, корректен, прекрасно дисциплинирован, интеллегентен. За всё время службы дисциплинарным взысканиям не подвергался…. Благодаря прекрасному развитию умственных способносцей, знаниям, неутомимой энергии, удивительной работоспособности постоянно считался одним из лучших работников и всегда оправдывал доверие к нему начальства. Все возлагаемые на него по службе обязанности и поручения исполнял быстро, точно, аккуратно, что требовало от него тщательной, усидчивой работы, добросовестного и внимательного отношения к исполняемому делу. Самая трудная, сложная работа исполнялась им легко, благодаря редкому трудолюбию и умению применять на практике приобретённые им до военной службы и на службе познания… Шпак являлся образцом честности, порядочности, расторопности и отменно-примерным исполнителем каждого серьёзного ответственного поручения…. Не колеблясь брался даже за непосильную работу и постоянно с неизменным успехом одолевал её… Обладал прекрасной памятью, способностью с полуслова уяснить себе суть поручаемого ему дела и быстро ориентироваться в нём. Шпак постоянно являлся нужным, деятельным, неутомимым работником и как выдающийся из писарей в течение трёх лет кряду был командирован на артиллерийский полигон при прохождении стрельбы крепостной артиллерией, где на него возлагались особенно важные по существу дела поручения, требующие большой аккуратности, чистоты и немедленного исполнения… неоднократно получая вполне заслуженные им похвалы, благодарности и денежные награды от его начальства.» Вось прыклады з яго характарыстыкі, а яна на двух друкаваных старонках: і ніводнага дрэннага слова. Мне вельмі прыемна чытаць такія словы аб маім земляку. Такой выдатнай характарыстыкі я яшчэ ніколі не бачыў. Відаць, невыпадкова потым ён стане служыць ў афіцэрскай артылерыйскай школе ў Царскім сяле. Аб гэтым гаворыць даведка ад 21 снежня 1914 года. Цікава, што на службе Андрэй Шпак завёў сабе ашчадную кніжку. Уклад быў адкрыты ў Царскім сяле і складаў 60 рублей і 52 капейкі. Гэта было 2 лістапада 1913 года. А апошні запіс у ёй зроблены 13 лютага 1916 года. І ўклад узрос да 730 рублёў і 8 капеек. Гэта значная сума. Да лістапада 1915 года пераводы ажыццяўляліся з Царскага сяла, а са студзеня 1916 года з палявога казначэйства 22 Армейскага корпуса. Відаць гэта той корпус, дзе ён праходзіў службу у крэпасці Ачакаў, аб чым я пісаў спачатку. Грошы клаліся на ўклад ад 50 (найменшы) да 210 (найбольшы) рублёў. Аднак грошы так і прапалі, бо не былі зняты. Зразумела пасля кастрычніцкай рэвалюцыі яны ператварыліся ў нішто.Аднак ашчадная кніжка захавалася да нашых дзён. Але самае галоўнае з тых дакументаў, што я атрымаў ад Марыі Вячаславаўны гэта ліст абвінавачвання Анджэя Шпокі ад 29 жніўня 1927 года, які цяпер ставіць кропкі над тым, у чым абвінавачвалі нашага героя і чаму так доўга працягваўся працэс. А абвінавачаны ён быў у дзяржаўнай здрадзе. Вось урывак з яго: “ … старэйшы следчы Вацлаў Ратвінскі даведаўся, што солтыс вёскі Лапухова Анджэй Шпока, які раней быў арыштаваны як падазроны ў антыдзяржаўных дзеяннях, размаляваў і захоўваў у сваім доме камуністычны сцяг, і што гэты сцяг хоча вывесіць на могілках у Міжэвічах, альбо Лапухова. Гэтага дня 18 ліпеня Рытвінскі здзейсніў ў доме Шпока вобыск, падчас якога пад страхой на адлегласці 2,5 метры ад увахода знайшоў чырвоны транспарант з надпісам на беларускай мове: “ Гэць польскіх акупантаў, смерць буржуям. Няхай жыве СССР. Няхай жыве Савецкая Беларусь.” Каля транспаранту ляжала два пэндзліка з рэшткамі белай фарбы.Транспарант быў звернуты і разам з пэндзлікамі добра схаваны за скірдамі саломы такім чынам, каб пры ўваходзе гэтых прадметаў не было відаць. Літары на транспаранце былі намаляваны белай фарбай. Абвінавачаны па арт. 132 крымінальнага кодексу А. Шпока сваю віну не прызнаў, сцвярджаючы, што знойдзены ў яго пры вобыску транспарант і пэндзлікі падкінуты яму кімсьці з суседзяў праз помсту. На аснове вышэй сказанага 40-гадовы А. Шпока, сын Ігната і Барбары, падазраецца ў тым, што ў ліпені 1927 года ў вышэйназванай вёсцы Лапухова спрабаваў вывесіць на ўсеагульны агляд чырвоны транспарант з надпісам, які прызывае да далучэння ад Польшчы часткі яе тэрыторыі да Савецкай Беларусі…” Аб тым, што Андрэй сядзеў у турме за чырвоны сцяг (транспарант) ніхто са сваякоў не ведаў. Яны даведаліся пра гэта ад мяне і былі вельмі здзіўленыя. Не ведалі аб гэтым і ў вёсцы яго далёкія сваякі. І толькі Марыя Яўгеньеўна, калі шукала нам дакументы аб ім, знайшла пастанову суда. Азнаёміўшыся з яе зместам (як змагла, бо не ведае польскай мовы), яна была здзіўлена гэтым. Марыя Яўгеньеўна казала, што пра гэта ў сям’і ніколі не гаварылі. Аднак распавядаючы пра свайго дзядулю, лічыла, што ён гэтага не мог зрабіць і магчыма, сапраўды яму яго падкінулі нядобразычліўцы. І вогуле па яе словах у палітыку ён стараўся не лезці. Цяпер цяжка сказаць, як было на самой справе, бо сведкаў ужо не знайсці. У той жа час, будучы солтысам вёскі, ён мог сапраўды камусьці перайсці шлях. Усе, з кім я размаўляў і хто яго ведаў, казалі, што ён быў вельмі адукаваны і прынцыповы чалавек, але ў палітычную палеміку не ўступаў. Не цікавілася палітыкай і яго жонка Станіслава, якая была родам з украінскага Нежына, і паходзіла з дваранскай сям’і. Па словах унучкі Марыі ёй вельмі цяжка давалася праца на зямлі. Яна была да яе нязвыклая. (Цяпер зразумела, чаму у лісце з турмы Андрэй так хваляваўся за гаспадарку і прасіў, каб яна, калі ёй цяжка, прасіла дапамогі ў яго братоў). Аднак Станіслава добра шыла і займалася рукадзеллем, таму ўсіх абшывала і мела за гэта прыбытак.У мяне ёсць пасведчанне ад 16 красавіка 1917 года: ”Делопроизводитель по артиллерийской части….Андроник Игнацьевич Шпак сего числа вступает в первый законный брак с девицей мещанкой Киевской губернии… Станиславой Тимофеевной Сакрочемской” А потым кастрычніцкая рэвалюцыя… Згінуў стары лад жыцця. Армія распушчана, грамадзянская вайна, “ваенны камунізм”. Экспрапрыяцыі і нацыяналізацыі. Сям’я Шпакоў накіроўваецца на радзіму. У Лапухова, дзе хутка ўсталявалася польская ўлада, можна было працаваць на сваёй зямлі. Пачынаецца новае жыццё маладой сям’і. А што было далей вы ўжо ведаеце. Толькі застаецца адно пытанне: “Адкуль у Заверш’і, каля Жыровіч з’явілася папка з часткай дакументаў сям’і Шпокаў?” Сваякі ня ведаюць, але ўнучка лічыць, што Андрэй заўсёды меў добрыя адносіны з адукаванымі людзьмі, у тым ліку святарамі. Магчыма адзін з такіх і трымаў гэтыю папку, а потым пераехаў у Жыровічы на службу у манастыр. Але гэта толькі версія. Як бы то не было, ўсёж дзякуй таму, што папка захавалася і дала пачатак гэтай гісторыі. З якой даведаліся аб простай беларускай сям’і са сваім лёсам і вельмі цікавым жыццёвым шляхам. А было гэта ўва ўсё больш далёкім ад нас 20 стагоддзі, яго першай палове… Настаўнік гісторыі і геаграфіі ДУА “Парэцкая базавая школа слонимскага раёна” Баравікоў Уладзімір. Магчымая назва артыкула; “ Гісторыя дакументаў старой тэчкі…” 
Источник: https://www.slonves.by/gistoryya-zhyharo%d1%9e-vyoski-lapuhova/