Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.10.2020

Чаму я стала настаўнікам

Мы нe aдpaзy зpaзyмeeм, 
 Як цяжкa ўзняць былo б кpылo 
 I ўзвiццa ўвepx нaзлo зaвeям, 
 Кaб ix нa cвeцe нe былo. 
 Генадзь Бураўкін 
 Чаму я стала настаўнікам? 
Адказваючы самой сабе на гэта пытанне, успамінаю свае школьныя гады. Напэўна, кожны з нас, выбіраючы свой далейшы шлях, сваю прафесію, арыентуецца на тых людзей, якія побач, якія ўплывалі на наша ўспрыманне жыцця і чый вопыт і ўменні выклікалі ў нас «добрую» зайздрасць. Так што адказ просты: мяне акружалі выдатныя педагогі, прафісіяналы, на якіх мне хацелася быць падобнай. Яны ўжо на заслужанным адпачынку, але для мяне застаюцца настаўнікамі на ўсё жыццё. Радзевіч Соф’я Канстанцінаўна, былы дырэктар Навасёлкаўскай школы, Заслужаны настаўнік БССР. Яе можна было назваць таленавітым выхавацелем не толькі дзяцей, але і педагогаў. Яна смела бралася за ўкараненне новага (зараз бы сказалі – новых тэхналогій), перспектыўнага, неабходнага ў выхаваўчым працэсе. Тым, хто вучыўся ў Соф’і Канстанцінаўны, такая хвароба, як бездухоўнасць, не пагражае. Бо перад імі назаўсёды застанецца вобраз нераўнадушнага, улюбёнага ў жыццё Чалавека — іх Настаўніка. Міхайлава Марыя Іванаўна — ініцыятыўны педагог, шмат працавала над развіццём творчых здольнасцей і ведаў вучняў. На сваіх уроках яна імкнулася запаліць любоў да роднай мовы, культуры, Айчыны, паказаць, якая багатая наша літаратура, якое сакавітае беларускае слова. Канечне, прывіць цікавасць да сваіх прадметаў здольны толькі апантаны імі чалавек, якому наўрад ці хопіць школьных заняткаў, каб задаволіць сваю і вучнёў­скую патрэбу ў вывучэнні прадмета гісторыі. І такім настаўнікам быў Іосіф Міхайлавіч Міхайлаў. Ён ніколі не ўхіляўся ад складаных жыццёвых пытанняў і сам вучыў сваіх выхаванцаў не адмяжоўвацца ад супярэчнасцей паўсядзённасці, рыхтаваў дзяцей быць удумлівымі і загартаванымі, падрыхтаванымі да самастойнага жыцця. Акрамя ўсяго, ён кіраваў стварэннем школьнага музея, які зараз эфектыўна функцыянуе. На ўроках Антончык Тамары Анатольеўны, безумоўна, не абыходзілася без разнастайных прафесійных прыёмаў і непрастая навука матэматыка станавілася простай і зразумелай, аднак галоўнымі, на мой погляд, заставаліся сціпласць настаўніка і высокая чалавечая годнасць. У кожнай задачы разам з навучэнцамі настаўніца імкнулася разгледзець жыццёвую сітуацыю, якая патрабуе ўважлівага прачытання, складання алгарытму і матэматычнай мадэлі, якую трэба разгледзець і рашыць. Вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Добрага настаўніка не забываюць. Пра яго памятаюць заўжды. Да ліку такіх адносіцца Лагуцік Ніна Васільеўна, настаўніца фізікі, якая сеяла разумнае, добрае, вечнае ў вучняў. Малюнку, жывапісу і кампазіцыі, чарчэнню вучыў сваіх вучняў Радзевіч Сяргей Міхайлавіч. Сваім прыкладам абуджаў цікавасць да спасціжэння навыкаў працы з алоўкамі і фарбамі. У вачах і сэрцы Іванашка Галіны Яўгеньеўны заўжды была іскра, яна ўмела заразіць цікавасцю да свайго прадмета і не проста навучыць, а паказаць, як знаходзіць адказы і пытанні і правільна выкарыстоўваць атрыманныя веды. Мы, канечне ж, сталеем, становімся разумнейшымі, недзе — хітрэйшымі, але я заўсёды буду ганарыцца тым, што менавіта паважаная Плаўская Леакадзія Уладзіміраўна была маім класным кіраўніком. І колькі б ні мінула гадоў, якіх бы поспехаў і вяршынь мы ні дасягнулі ў жыцці, для нас яна заўсёды застанецца чалавекам, які паказаў нам правільныя жыццёвыя шляхі і дзівосную краіну ведаў. Вось такія настаўнікі, якія аб’ядналі у сябе вопыт, мудрасць, дабрыню і душэўную прыгажосць і ёсць тое, што з’явілася адным з вырашальных фактараў у маім выбары прафесіі. У выбары, які апынуўся на здзіўленне дакладным. Яны і зараз даюць мне сілы рухацца ўперад у выбраннай прафесіі. 
Кухта Марына Рыгораўна, настаўнік пачатковых класаў. 
СВ