23.06.2020
У Слоніме адзначылі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
Па традыцыі, 22 чэрвеня - у адну з самых сумных датаў у гісторыі Беларусі - у Слоніме каля помніка загінулым воінам па вуліцы Пушкіна прайшоў мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Выступаючы перад прысутнымі, кіраўнік раёна Генадзь Баляслававіч Хоміч падкрэсліў, што дзень 22 чэрвеня адзначаны ў гісторыі нашай краіны трагічнай падзеяй: ён стаў першым днём нябачана жорсткай, разбуральнай, кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь раптоўна ператварылася ў арэну самых буйных і разлютаваных бітваў, стала жывым сведкам масавай самаахвярнасці, нябачанай адвагі, пагарды да смерці, ні з чым не параўнальнай мужнасці і гераізму савецкага народа. - Слонімская зямля адной з першых прыняла на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нашым раёне, як і ў любым кутку краіны, няма ніводнай сям'і, дзе не было б свайго франтавіка, свайго героя. Многія землякі ўпалі смерцю храбрых, абараняючы незалежнасць Радзімы, - адзначыў Генадзь Баляслававіч. - Ніколі не сатрэцца ўдзячная памяць пра тое гераічнае пакаленні, і ўсе мы нізка схіляем галовы перад памяццю нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Мы таксама ў неаплатным даўгу перад подзвігам маці, якія ў вельмі складаныя гады расцілі хлеб, выхоўвалі дзяцей, выходжвалі параненых. Праз 79 гадоў пасля трагічных падзей пачатку вайны, 22 Чэрвеня застаецца не толькі сумнай датай у гісторыі нашай дзяржавы, але і падставай для усведамлення таго, што ёсць такая сіла любові і служэння Айчыне, якую не здольныя знішчыць ні моц, ні разлікі, ні злая воля . Гэта любоў да дзяцей, да дома, любоў да Радзімы! Памяць зноў і зноў збірае нас ля помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл. Сотні жалобных свечак гараць сёння ў розных гарадах і вёсках. Мы нізка кланяемся ўсім, хто на сваім вопыце спазнаў жахі вайны: і скалечаным ў бітвах байцам, і славутым ваеначальнікам, і палкавым камандзірам, партызанам і медсёстрам і ўсім, хто працаваў у тыле.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых і ўсклалі кветкі да манумента. Цырымонія завяршылася ў гарадскім парку, дзе ў воды ракі Шчары былі спушчаны жалобныя вянкі.
Чытаць далей на Слонімскі веснік: У Слоніме адзначылі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны https://www.slonves.by/?p=122989